Важнай умовай ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляецца цесная ўзаемасувязь з бацькамі. Асноўная задача работы педагагічнага калектыву нашай установы дашкольнай адукацыі - фарміраванне актыўнай сацыяльнай пазіцыі бацькоў як актыўных удзельнікаў выхавання у дашкольнікаў жадання авалодаць беларускай, сродкамі гісторыка-этнаграфічнай спадчыны Беларусі. Хоць наша ўстанова i з’яўляецца рускамоўнай, але мы шмат увагi ўдзяляем развiццю менавіта беларускага маўлення дзяцей..
Маўленне - унікальны і ўніверсальны сродак многіх відаў дзейнасці. У дашкольніка гэта гульня, маляванне, лепка, канструяванне, вырашэнне практычных задач, успрыманне мастацкай літаратуры і інш. Немагчыма развіваць маўленне дзіцяці "ўвогуле", безадносна да той ролі, якую яно выконвае ў яго жыцці, не ўключаючы маўленне ў тую ці іншую дзейнасць. Развіццё розных формаў дзейнасці вядзе да развіцця іх галоўнага сродку - маўлення.
У дзяцей мы выхоўваем пачуццё беларускай мовы, ствараючы дзеля гэтага адпаведныя маўленчыя ўмовы, у якіх дзіця пад кіраўніцтвам выхавальніка далучаецца да паэзіі і адначасова вучыцца вырашаць пры дапамозе роднай мовы розныя маўленчыя задачы: камунікатыўныя, пазнавальныя і інш.
Галоўным пабуджальным матывам праяўлення маўленчай актыўнасці з'яўляецца сумесная дзейнасць з дарослым. Важнае значэнне мае актыўна-дзейснае ўспрыманне дзецьмі нагляднасці (цацак, малюнкаў). Наглядныя дзеянні выклікаюць у дзяцей жаданне абазначыць іх словамі і гаварыць пра іх. Адмысловая ўвага надаецца зместу беларускага маўлення, у выхаваўчых і дыдактычных мэтах выкарыстоўваем паэтычныя словы.
Калыханкі, забаўлянкі, прымаўкі, песні, казкі - вось тыя дасканалыя мастацкія формы фальклору, з дапамогай якіх мы знаёмім дзяцей з багаццем і разнастайнасцю навакольнага свету.
Перш за ўсё, мы праслухоўваем і абыгрываем з дзецьмі беларускія народныя калыханкі, песенькі, забаўлянкі, кароткія вершыкі, да якіх далучаюцца адпаведныя зместу дзеянні і рухі, паўтарэнні гукаперайманняў, асноўных слоў, выразаў. Вялікае значэнне пры гэтым маюць тыя забаўлянкі, якія суправаджаюцца разнастайнымі рухамі пальчыкаў рук, напрыклад "Сарока-варона кашу варыла". Важнасць іх палягае ў амаль паралельным развіцці дыферанцаваных рухаў пальцаў рук і маўлення, што стымулюе і актывізуе маўленне маленькага дзіцяці. Вабяць малых такія дзеянні як закалыхванне лялек, плясканне ў далоні, прытупванне, падскокі і т. п. Расказванне невялікіх па аб'ёму казак суправаджаем інсцэніроўкамі, што робіць больш лёгкім для дзяцей іх успрыманне і разуменне, заахвочвае да паўтарэння слоў, выразаў, песенек.
Маленькія дзеці ўдзельнічаюць у простых карагодных гульнях. Гэтыя гульні садзейнічаюць наладжванню дзіцячых узаемаадносін, выклікаюць у дзяцей жаданне ўступіць у зносіны, значыць і размаўляць адно з адным. Дзецям падабаюцца такія гульні, а гэта добрая падстава для выхавання цікавасці да беларускай мовы, першапачатковага развіцця беларускага маўлення. Захапіўшыся гульнёй, дзеці не заўсёды заўважаюць, што яна вядзецца на беларускай мове, і міжволі засвойваюць асобныя словы, выразы, песенькі.
Для паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дашкалят мы выкарыстоўваем лялек-беларусаў: дзяўчынку Паўлінку і хлопчыка Янку. Яны паасобку альбо разам прыходзяць да дзяцей, цікавяцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задаюць пытанні, называюць асобныя прадметы, што знаходзяцца ў дзяцей, выконваюць розныя дзеянні з імі, расказваюць нескладаныя гісторыі. Такім шляхам наладжваюцца сітуацыйна-дзелавыя зносіны на беларускай мове.
Такім чынам, мы выкарыстоўваем тыя формы работы, якія спрыяюць развіццю пачуцця беларускага маўлення шляхам азнаямлення іх з лепшымі ўзорамі жывога беларускага слова, а таксама фарміраванню першапачатковых навыкаў маўлення на роднай мове. Мы спадзяемся, што з вашай дапамогай паважаныя бацькі, нашы дзеці авладаюць беларускай мовай.
Памятка для бацькоў па навучанню дзяцей беларускай мове дома.
-
Памятайце аб тым, што навучанне дзяцей беларускай мове павінна дастаўляць ім задавальненне. Калі дзіцяці не падабаецца тое, што вы робіце – спыніце гэта і паспрабуйце займацца па-іншаму.
-
Абавязкова стварайце матыў для кожнага маўленчага дзеяння дзіцяці: дзіця павінна разумець, чаму мама гаворыць на іншай мове і навошта яму самому трэба гаварыць на гэтай мове.
-
Зусім маленькія дзеці авалодваюць мовай на аснове імітацыі, а старэйшыя дзеці (пасля 3 гадоў) – свядома. Таму прыёмы, якія выкарыстоўваюцца для навучання дзяцей, залежаць ад іх ўзросту.
-
Вельмі важна вымаўляць словы правільна. Інакш дзіця засвоіць няправільнае вымаўленне і пасля ад гэтага будзе вельмі цяжка пазбавіцца. Калі вы не ўпэўнены, што вымаўляеце слова правільна, – удакладніце вымаўленне па слоўніку, у якім указана фанетычная транскрыпцыя.
- Кансультацыя для бацькоў «Знойдзем час для гульні!»
- Кансультацыя "Роля беларускай мастацкай літаратуры ў развіцці дашкольнікаў”
- Кансультацыя «Роля бацькоў ў развіцці беларускага маўлення дзіцяці»
- Брашура "Давайце размаўляць па-беларуску!"
- Кансультацыя для бацькоў "Вывучаем родную мову".
- Шануйце родную мову!